У Генадзія Цвіркі з ААТ «Агранёманскі» Стаўбцоўскага раёну юбілейнае, пяцьдзясят пятае жніво

У ААТ «Агранёманскі»адбылася ўрачыстасць з нагоды юбілейнага, пяцьдзясят пятага, жніва Генадзія Цвіркі.

Менавіта столькі гадоў складае працоўны стаж Генадзія Адамавіча. І такая ж колькасць уборачных кампаній за плячамі гэтага неардынарнага чалавека, які прысвяціў сваё жыццё самай пачэснай на зямлі працы – хлебаробскай. Генадзій Цвірка, бадай, адзіны ў рэспубліцы чалавек, які на працягу такога доўгага часу прымае ўдзел у жніве і дабіваецца тысячных намалотаў.

Павіншаваць Генадзія Цвірку з працоўным юбілеем прыехаў у гаспадарку міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Крупко.

– Вы заслужылі сваёй шчырай працай самай высокай пахвалы, – сказаў міністр. – Нягледзячы на шаноўны ўзрост, працягваеце працаваць, вырошчваеце і ўбіраеце хлеб, з’яўляецеся прыкладам для моладзі, як трэба любіць сваю зямлю, краіну, малую радзіму. Прыміце шчырыя пажаданні моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і чыстага неба над галавой. Ураджай аграрыі сёлета вырасцілі дастойны: валавы збор дасягне больш за 8,5 мільёна тон збожжа.

Да ранейшых узнагарод дбайнага працаўніка дабавілася яшчэ адна – нагрудны знак «За заслугі ў сельскай гаспадарцы».

Ганаровую грамату і памятны прыз са словамі ўдзячнасці за шчырую шматгадовую працу ўручыў Генадзію Цвірку старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень. Адзначыў дбайнага работніка пуцёўкай у санаторый Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, ад Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК уручана Ганаровая грамата, ад кіраўніцтва таварыства Генадзій Адамавіч атрымаў каштоўны падарунак.

Амаль сорак гадоў, пасля заканчэння Смілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, Генадзій Цвірка ўзначальвае даручаны яму вытворчы ўчастак. У гэтай справе ў брыгадзіра багатыя веды і вялікі вопыт агранома, таму і ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых на палетках заўжды высокая. Руп-ліваму работніку, які ў гарачую ўборачную пару садзіцца за штурвал камбайна, удвайне прыемна жаць збажыну, якую ён сам песціць ад пасяўной да ўборачнай. І паказвае пры гэтым высокае прафесійнае майстэрства. Шаснаццаць гадоў Генадзій Адамавіч завіхаўся на збожжаўборачным камбайне «Ліда-1300». Менавіта на гэтай машыне падчас выпрабавання ў Гродзенскім раёне новай тэхнікі, якая сышла з канвеера ААТ «Лідаграпраммаш», першым праехаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

У гонар Генадзія Цвіркі райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама заснаваны пераходны прыз. Штогод на свяце раённых дажынак Генадзій Адамавіч уручае яго экіпажам камбайнераў, якія дабіліся лепшых намалотаў па выніках уборачных кампаній.

Працоўнае жыццё Генадзія Цвіркі – яскравы прыклад для маладога пакалення, як трэба працаваць на карысць нашай любай Беларусі.