Аграгарадок рыхтуецца сустрэць «Дажынкі»

Аграгарадок Налібакі размешчаны на ўсходнім ускрайку Налібацкай пушчы. Першы ўспамін аб паселішчы датуецца 1447 годам. На тэрыторыі Налібак пабудаваны многія элементы базавай інфраструктуры: сельскі клуб, аддзяленне паштовай сувязі, сярэдняя школа, дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт, комплексна-прыёмны пункт, магазіны. Сярод славутасцяў – касцёл Узнясення Дзевы Марыі і царква Святога Архангела Міхаіла. Праз аграгарадок праходзіць мясцовая аўтадарога Кляцішча – Налібакі – Дзераўная. У Налібаках бяруць пачатак дзве маленькія рэчкі – Лебяжода і Каменка, якія ўпадаюць у раку Вуса. 

Налібакі – здаровы пасёлак

Налібакі – глыбінка Стаўбцоўшчыны, прыгожая вёсачка з маляўнічымі краявідамі і чыстым паветрам. Жыць у гэтым краі – адно задавальненне, а прыехаць адпачыць – здароўя набрацца. Менавіта яшчэ і па гэтай прычыне ў 2017 годзе раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне аб далучэнні аграгарадка да міжнароднага праекта «Здаровыя гарады». Быў распрацаваны комплексны план асноўных мерапрыемстваў «Аграгарадок Налібакі – здаровы пасёлак». Адна з ключавых задач праекта – захаванне і ўмацаванне здароўя людзей, павелічэнне працягласці іх жыцця. Дарэчы, поспех рэалізацыі праекта базіруецца на ініцыятыве насельніцтва, на жаданні кожнага быць здаровым. Бо, як вядома, здароўе – багацце, без якога ўсё астатняе проста не мае сэнсу.

Царква Святога Архангела Міхаіла

Першай ластаўкай у ажыццяўленні намечаных мерапрыемстваў стала замена воданапорнай вежы. Людзей забяспечылі якаснай пітной вадой. Была заасфальтавана вуліца Ліпеньская, якая вядзе на возера Кромань.

З мэтай зніжэння захваральнасці медыкамі цэнтральнай раённай бальніцы штогод праводзяцца прафілактычныя і дыспансерныя  агляды насельніцтва. Работнікамі амбулаторыі распаўсюджваюцца сярод насельніцтва інфармацыйныя матэрыялы па пытаннях прафілактыкі сацыяльна значных захворванняў.  Арганізоўваліся лекцыі, накіраваныя на здаровы лад жыцця, а таксама розныя спартыўныя спаборніцтвы. І гэта дало свой плён. У выніку праведзенага комплексу запланаваных мерапрыемстваў павялічылася працягласць жыцця вяскоўцаў. Сёлета эпідэмія каранавіруса скарэкціравала планы, але людзі не расслабляюцца, стараюцца прытрымлівацца напрацаванага за папярэднія гады вопыту. Спадабаўся гэты маляўнічы куточак і сталічным жыхарам – нямала тут куплена імі дамоў пад дачы і ўчасткаў пад будаўніцтва. Мінчане не стаяць убаку ад надзённых спраў вяскоўцаў, падтрымліваюць парадак і стараюцца ўнесці свой уклад у агульную справу.

Аддзяленне паштовай сувязі заўсёды запатрабавана

Дружныя і працавітыя 

У аграгарадку жывуць гасцінныя, добразычлівыя, улюбёныя ў зямлю людзі – усіх налічваецца звыш 500 чалавек. Пераважная большасць з іх працавала і сёння рупіцца ў мясцовым сельскагаспадарчым таварыстве. Разам яны і святы ладзяць, і работу робяць. Лёгкія на пад’ём налібаччане з размахам адсвяткавалі 570-годдзе пасёлка. Масава выходзяць на суботнікі па добраўпарадкаванні, многія з уласнай тэхнікай. Не шкадуюць грошай для таго, каб прывесці ў парадак могілкі – вечны спачын продкаў. На сабраныя вяскоўцамі сродкі спілена 80 аварыйных і струхнелых дрэў. Людзі шчыра даглядаюць свае сядзібы, што надае аграгарадку адмысловы і непаўторны выгляд. Вылучаюцца сярод іншых прыдамавыя тэрыторыі Віктара і Алены Дошчачкаў, Фелікса і Ганны Мазуноў, Браніслава і Ірыны Кавалеўскіх. Прыгожа выглядае падвор’е старасты Іосіфа Жаўнерчыка, які праяўляе пастаянны клопат аб дабрабыце аднасяльчан. Налібаччане – людзі веруючыя, наведваюць мясцовыя касцёл і царкву, дзе святары таксама праводзяць з прыхаджанамі гутаркі аб здаровым ладзе жыцця.

Памяць аб вайне – помнік загінулым партызанам

«Сталіца» раённых «Дажынак»

Жыхары Налібак рыхтуюцца да прыёму гасцей. Сёлета ў пасёлку будзе ладзіцца раённае свята «Дажынкі-2020». Эстафету правядзення масавага штогадовага мерапрыемства прыняло ААТ «Налібакі Агра», цэнтральная сядзіба якога размяшчаецца ў аграгарадку. Кіраўніцтва гаспадаркі шмат робіць для таго, каб пасёлак стаў яшчэ больш прыгожым і ўтульным. Добраўпарадкаванне пачалі з канторы: дах накрылі металачарапіцай, сцены абшылі сайдынгам. Агарадзілі плотам з металапрофілю тэрыторыю новай малочнатаварнай фермы і правялі яе бетанаванне. Заменены дах на будынку збожжасклада, дыспетчарскай. Праводзіцца капітальны рамонт службовага жылля, агароджваецца тэрыторыя. Кіраўніцтва таварыства выдзеліла на гэтыя мэты будаўнічыя матэрыялы і рабочых. Штыкетнік набыты сельвыканкамам.

Добраўпарадкоўваецца тэрыторыя сельвыканкама

Шыкуецца і будынак мясцовай улады. Тэрыторыю агароджваюць прыгожым металічным плотам. Зроблены лавы, праведзена асвятленне. У аграгарадку прыводзяцца ў парадак аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. Да свята прадугледжана абсталяваць дзіцячую гульнявую пляцоўку, паркоўкі. Пракладваюць тратуарныя дарожкі для пешаходаў. На прылеглых тэрыторыях сацыяльных аб’ектаў запланавана ўстанавіць малыя архітэктурныя формы. Зацікаўленымі раённымі службамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі робіцца ўсё для таго, каб свята хлебаробаў прайшло ў Налібаках на высокім узроўні.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара