Рэспект пярвічцы і «Суле Плюс»

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя ТАА «Сула Плюс» – у ліку не толькі самых маладых у сельскагаспадарчай галіне раёна, але і самых ініцыятыўных Неўзабаве тут пройдзе справаздачна-выбарны сход – першы ў гісторыі пярвічкі, утворанай у снежні  2020 года.

Фактычна ў тым жа годзе ўведзена ў эксплуатацыю і гэтае прыватнае прадпрыемства, вядомае сёння ў многіх краінах СНД, Азіі, Амерыкі, Афрыкі  сваёй інавацыйнай прадукцыяй – сухімі бульбянымі шматкамі.

Мы сустрэліся са старшынёй прафсаюзнай пярвічкі і па сумяшчальніцтве інжынерам па ахове працы Марыяй Карпеня, каб пацікавіцца, як удалося аб’яднаць калектыў, знайсці кансэнсус з наймальнікам і даказаць эфектыўнасць членства ў прафсаюзе.

Марыя Карпеня – інжынер па ахове працы і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ТАА «Сула Плюс»

Нікому не позна

– Калектыў ТАА «Сула Плюс» малады, але і дастаткова вопытны. Пры тым што пачыналі з нуля, ужо маем 91 працэнт членства ў прафсаюзнай арганізацыі, – гаворыць Марыя Карпеня. – Ёсць работнікі, якія ўступаюць праз год-два пасля працаўладкавання, калі бачаць, як калегі адпачываюць, атрымліваюць бонусы і падарункі ад прафсаюза.

Са стварэннем пярвічкі ў «Суле Плюс» значна актывізавалася работа з персаналам, а ўзаемадзеянне з наймальнікам дазволіла значна спрасціць адстойванне інтарэсаў людзей.

Прадпрыемства ўзначальвае малады ініцыятыўны дырэктар Павел Філіповіч, які сам з’яўляецца членам прафсаюза і з ахвотай адгукаецца  на прапановы прафкама.

Год якасці – у калектыўным дагаворы

На прадпрыемстве завяршэнне 2023 года выдалася запамінальным: прафсаюзны камітэт сумесна з наймальнікам узнагародзіў лепшых работнікаў.

– Вельмі прыемна, што працаўнікоў «Сулы Плюс» адзначае і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з нагоды прафесійнага свята, – прыгадвае старшыня пярвічкі. –  Узаемадзеянне таксама наладжана з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, дзякуючы чаму мы атрымліваем метадычную дапамогу і арганізоўваем на базе прадпрыемства прававыя прыёмы прафсаюзных інспектараў.

Сёлета, у Год якасці, істотныя змены закранулі калектыўны дагавор прадпрыемства. Выкліканыя навацыямі ў працоўным заканадаўстве рэспублікі, яны датычаць, да прыкладу, выплаты заработнай платы двойчы ў месяц, магчымасці раздзяліць свой працоўны водпуск на некалькі частак.

«Цікавяцца ў мяне і парадкам аплаты рабочых дзён пры праходжанні дыспансерызацыі», – дадае Марыя Карпеня.

Для работнікаў – мабільныя бытоўкі

Касцяк у прафсаюзнай рабоце – члены прафкама, сярод якіх вылучаюцца спецыяліст па кадрах Анастасія Мельнік і бухгалтар Ірына Жыбуль (казначэй).

– Прыярытэт надаём пытанням аховы працы і сацыяльна-бытавых умоў работнікаў, – удакладняе лідар пярвічкі. – Спецыфіка прадпрыемства такая, што ёсць прафесіі са шкоднымі і небяспечнымі вытворчымі фактарамі, па тэрыторыі і ў цэхах рухаецца транспарт, а гэта дадатковыя рызыкі.

Пры тым што наймальнікам укладваюцца інвестыцыі ў мадэрнізацыю абсталявання і тэхналагічных працэсаў, летась былі закуплены два мабільныя бытавыя памяшканні, аснашчаныя ўсім неабходным – ад электрачайніка да электраацяплення. Набыты шафы і зроблены рамонт у майстэрні слесараў-рамонтнікаў.

Забеспячэнне спецадзеннем  – на ўзроўні 100 працэнтаў, але іншым разам ад работнікаў паступаюць прапановы аб дадатковых сродках індывідуальнай аховы. Такім чынам, аператарам ачышчальных збудаванняў закуплены гідракасцюмы.

Між іншым, апошнія два гады ТАА «Сула Плюс» становіцца пераможцам агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па пытаннях выканання заканадаўства аб ахове працы сярод сельгасарганізацый раёна.

З калегамі – у старажытную гісторыю

З якімі пытаннямі найчасцей звяртаюцца да старшыні прафкама работнікі прадпрыемства?

– У першую чаргу – па кансультацыю адносна кантрактнай формы найму, па пытаннях выдзялення матэрыяльнай дапамогі, – адказвае Марыя Карпеня і заўважае, што  матдапамогу ў «Суле Плюс» аказваюць не толькі ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Да прыкладу, прадугледжаны выплаты работнікам у выпадку нараджэння дзіцяці, страты блізкага сваяка, хваробы больш чым 21 дзень, набыцця дарагіх лекаў.

Для аздараўлення работнікаў у 2023 годзе былі выдзелены чатыры пуцёўкі ў санаторыі Беларусі і сем бясплатных пуцёвак – іх дзецям.

Традыцыйна частка прафсаюзных сродкаў выдаткоўваецца на турыстычныя паездкі. Адна з апошніх – наведванне г. Ліды з аглядавай экскурсіяй і знаёмства са старажытным замкам.

– Была вясёлай дарога, на памяць засталіся незабыўныя ўражанні і агульны здымак, – прыгадвае Марыя Карпеня, акцэнтуючы ўвагу на тым, што многія работнікі дзякуючы гэтай паездцы ўпершыню пабывалі ў дальняй экскурсіі.

Сакрэт лідара – павага да калектыву

Як удаецца сумяшчаць асноўную работу з грамадскай? І якія планы на 2024 год?

– Калі табе аказалі давер, ты не можаш падвесці калектыў, – заўважае Марыя Карпеня. – Пры тым што грамадская работа патрабуе намаганняў, яе вынік дае разуменне, што ты працуеш недарэмна.

І ў бягучым годзе плануем некалькі экскурсійных паездак. На сходзе паслухаем, якія маршруты прапануюць работнікі. Мы супрацоўнічаем са стаўбцоўскім бюро падарожжаў і экскурсій, таму з абслугоўваннем праблем няма. Ужо прыкідваем наш бюджэт для набыцця падарункаў работнікам да Дня абаронцаў Айчыны і 8 Сакавіка. Вядзём у калектыве інфармацыйную работу, у прыватнасці рыхтуемся прыняць удзел у важнай грамадска-палітычнай падзеі краіны – Адзіным дні галасавання – 25 лютага 2024 года.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара